ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)